НУЛЯВЫ́ ЦЫКЛ,
комплекс будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні падземнай часткі забудовы і ўпарадкаванні ўнутрыквартальных інж. сетак.
Да работ Н.ц. адносяцца: зрэзка і вывазка расліннага грунту; вертыкальная планіроўка буд. пляцоўкі; пракладка ўнутрыквартальных сетак водаправода, каналізацыі, газаправода, цепла- і электразабеспячэння, тэлефона; правядзенне ўнутрыквартальных дарог і праездаў; мантаж трансфарматарных падстанцый і знадворнага асвятлення, унутрыквартальных газарэгулятарных станцый і цеплавых пунктаў; капанне катлаванаў і траншэй пад фундаменты; буд-ва фундаментаў, падвалаў і інш. Комплекс работ Н.ц. ажыццяўляюць спецыялізаваныя арг-цыі.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)